Фотогалерея
НАПОЛЕОН ОРДА

город: смотрите сами
автор: Н.Орда
фотоаппарат: рисунки
фотографий: 27
Просмотров: 26184

ОРДА Наполеон (ист.).

 

Белорусский и польский художник-график и композитор Н. Орда родился 11.2.1807 г. в семье инженера-фортификатора.  До 1823 г. учился в Свислочской гимназии, затем в Виленском университете. Был членом тайного студенческого общества «Зорине». Участвовал в восстании 1830—31 гг., после его поражения находился в эмиграции. Жил в Австрии, Швейцарии, Италии. С конца 1830-х гг. учился в художественной студии в Париже. Сблизился с А. Мицкевичем и Ф.Шопеном, написал несколько музыкальных произведений, в основном полонезов. В 1856 г. после возвращения на родину жил в Пинске, позже переехал на Волынь. Работал в основном как рисовальщик и акварелист. Среди его работ — архитектурные пейзажи: «Воложинский дворец», «Дятловская усадьба», «Логойский парк», «Ружанский дворец», «Заосье», «Крыжовка», «Мир», «Крево», «Белая вежа», «Белыничи», «Замок Паскевичей в Гомеле», «Минск. Соборная площадь», «Новогрудок», «Освея», «Гродно», «Сарья. Витебская губерния» (все в 1850—70 гг.) и др. Лучшие из них наполнены романтикой и поэзией. В 1873—83 гг. по акварелям Н. Орды художник А.Мисурович сделал цветные литографии, изданные в мастерской М. Фаянса в Варшаве (260 листов в 7 сериях). Оригиналы художника хранятся в национальном музее Кракова и библиотеке АН Украины им. Стефаника во Львове. Умер Н. Орда 26.4.1883 г. в Варшаве.

 

 

 


 

 

ПРАСЛАЎЛЯЮЧЫ ТВОРЧЫ ГЕНІЙ ЧАЛАВЕКА

 

 

     Прырода шчодра адарыла Напалеона Орду талентамі. Без сумнення, каб ён прысвяціў сябе служэнню якой-небудзь адной са сваіх здольнасцей, то мог стаць вялікім мастаком, піяністам, кампазітарам або педагогам, асветнікам ці мысліцелем. Але і тое, што ён зрабіў, вылучае яго сярод творцаў таго часу.

 

     Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку Варацэвічы Пінскага павета (сучасны Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Бацька яго, Міхаіл, быў інжынерам-фартыфікатара’м, Род Ордаў — татарскага паходжання. Далёкі продак Напалеона напрыканцы XIV стагоддзя прыбыў з земляў Залатой Арды ў часы вялікага князя літоўскага Вітаўта. Орды верай і праўдай служылі сваёй новай Айчыне і ўжо ў XVIII стагоддзі лічыліся даволі заможнай шляхтай.

 

     Маці Напалеона Орды — Юзэфа — была дачкой пінскага суддзі і мечніка Тадэвуша Бутрымовіча.

 

     Напалеон атрымаў ад бацькоў добрую пачатковую адукацыю. Першыя ўрокі ігры на фартэпіяна дала яму маці — таленавітая піяністка.

 

     Далей была вучоба ў Свіслацкай гімназіі. У 1823 годзе Орда паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, буйнейшага ў тыя часы адукацыйнага цэнтра. Перад юнаком адкрывалася выдатная перспектыва. Але скончыць універсітэт яму не давялося. Ахоплены высакароднай ідэяй незалежнасці Радзімы, ён становіцца членам тайнага студэнцкага таварыства «Заране», якое было выкрыта ў 1827 годзе. Напалеон Орда апынуўся за турэмнымі кратамі. Больш за год вялося следства. Яго выпусцілі з турмы, але «выкінулі» з жыцця, паставіўшы кляймо падазрэння.

 

     Напалеон вяртаецца ў родны дом. Можна было б змірыцца з лёсам, але не такім быў Орда. Ён паступае жаўнерам на службу ў Літоўскі корпус коннай гвардыі. Якраз пачалося паўстанне ў Каралеўстве Польскім. Орда пераходзіць на бок паўстанцаў і становіцца падпаручнікам паўстанцкай арміі. За мужнасць у баях ён атрымлівае Залаты крыж ордэна Virtuti militari, вышэйшую ўзнагароду, а таксама чын капітана.

 

     Пасля падаўлення паўстання ў 1831 годзе Орда выехаў за мяжу, бо на Радзіме яго чакала катарга.

 

     Лёс эмігранта — гэта вымушанае прыстасаванне да новых абставін і ўмоў. Веданне моў, у прыватнасці французскай, палегчыла становішча Орды. Але адсутнасць сродкаў вельмі ўскладняла яго жыццё. З чужым пашпартам на імя слугі свайго сябра Цітуса Плонскага Напалеон пераязджае ў 1833 годзе са Швейцарыі ў Парыж, дзе жыве па 1856 год.

 

     У Парыжы ён сустракаецца, сябруе з Ф. Шапэнам, Ф. Лістам, Дж. Расіні, Дж. Вэрдзі, Ш. Гуно, Г. Берліёзам, А. Міцкевічам, А. Стэндалем, А. Бальзакам, I. Тургеневым, П. Віярдо.

 

     У 1843 годзе Напалеон Орда ажаніўся з францужанкай Ірэнай Багле.

 

    Матэрыяльныя нястачы, жыццёвая неўладкаванасць, туга па Радзіме праследавалі Напалеона, але натхненне не пакідала яго. Адбылося своеасаблівае раздваенне творчай асобы. Яго чаруе музыка і вабіць жывапіс. Здавалася, узрост для навучання не самы лепшы, але гэта не бянтэжыла Орду.

 

     Ен бярэ ўрокі малявання ў вядомага французскага мастака П’ера Жэрара — майстра архітэктурнага пейзажа. У яго студыі Напалеон атрымоўвае мастацкую адукацыю. Адначасова ён удасканальвае сваю фартэпіянную ігру. Паўплываў на Напалеона Орду Фрэдэрык Шапэн. Шапэн выклікаўся быць настаўнікам Орды, але хутка настаўнік і вучань пасябравалі. Шапэн убачыў яго выдатныя музычныя здольнасці і кампазітарскі дар, любіў іграць з Ордам на фартэпіяна ў чатыры рукі, прысвяціў яму многія свае творы. У лістах да яго з пяшчотай называў Наналеона «Жыцце маё!» і падпісваўся: «Твой стары сябар Шапэн». Творы Напалеона Орды вызначаліся меладычнасцю і лірызмам, і іх з вялікім задавальненнем выконваў Ф. Шапэн.

 

     У доме Шапэна Орда адпачываў душой. Менавіта тут ён сустрэўся з Ф. Лістам, які ацаніў яго талент імправізацыі і параіў сурёзна заняцца кампазіцыяй. Парада прыйшлася дарэчы. Орда захапіўся напісаннем вальсаў, паланезаў, рамансаў і іншых музычных твораў. У 1838 годзе ён выдае «Альбом твораў польскіх кампазітараў», у які ўключае і свае творы. Імя Напалеона Орды становіцца вядомым сярод аматараў музыкі.

 

     У сярэдзіне 1840-ых гадоў Орда працуе дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. На жаль, праз некаторы час тэатр быў зачынены. I Напалеон Орда вярнуўся да выкладчыцкай працы. У вольны час ён падарожнічае. У гэты перыяд Напалеон Орда аддае перавагу жывапісу. Падарожнічаючы па краінах Еўропы, ён з пратакольнай дакладнасцю пераносіць на паперу відарысы помнікаў архітэктуры. Орда з планшэтам, алоўкам і фарбамі аб’ездзіў Англію, Шатландыю, Галандыю, Партугалію, Іспанію, Скандынавію, Алжыр — здзейсніў 13 падарожжаў, пасля якіх засталіся сотні цудоўных малюнкаў. Прыгажосць чужых краёў захапляла Напалеона Орду, але не магла зменшыць яго любоў да Радзімы. Сум па ёй з кожным годам нарастаў. I як яго сябар Адам Міцкевіч сніў родныя мясціны, так і Орду мроіліся ў снах бацькоўскія Варацэвічы. Здавалася, што ён ніколі ўжо не ўбачыць іх, не абдыме маці і сясцёр. Так, ён дамогся ў Парыжы прызнання, меў шчаслівую сям’ю. Чаго яшчэ трэба было? Радзімы! І як толькі ў 1856 годзе царскі ўказ абвясціў амністыю паўстанцам, Орда без асаблівых ваганняў вырашыў вярнуцца на Радзіму. Яго не спыніў і вымушаны разрыў з жонкай і сынам, якія засталіся ў Францыі і не адважыліся ехаць у глухое Палессе.

 

     Напалеон Орда вяртаецца ў родныя Варацэвічы. Сустрэча з Радзімай радавала яго і засмучала. Знаёмыя краявіды абуджалі памяць аб дзяцінстве, аб шчаслівых днях у бацькоўскім доме. Але смутак прыносіла бяднота народа, паяромленага прыгонам. Ды і ў самога Орды ўзніклі праблемы: родныя Варацэвічы забрала царская ўлада за ўдзел у паўстанні. Напалеон быў пазбаўлены спадчыны і свайго дома. Як кампенсацыю ён атрымаў 5790 рублёу 50 капеек срэбрам. Гэтага было дастаткова, каб узяць у арэнду тры фермы, якія былі арганізаваны на базе маёнтка. Орда актыўна займаецца гаспадарчай справай, а ў вольны час падарожнічае і малюе. Ён дасканала валодаў тэхнікай алоўкавага малюнка, якая дазваляла хутка і дакладна адлюстраваць краявід ва ўмовах падарожжа. На яго малюнках ажывае гістарычна-паэтычны вобраз Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы.

 

     Орда рабіў замалёўкі мясцін, звязаных з жыццём вядомых людзей, і архітэктурных помнікаў (больш за 200 па Беларусі). Сярод іх вылучаюцца віды гарадоў Гродна (больш за 20 малюнкаў), Віцебска, Магілёва, Полацка, Нясвіжа, Пінска, Навагрудка і інш. Намаляваныя Ордам сядзібы і палацы ў Завоссі і Паланэчцы, Тугановічах, Сконах, Моладаве, Дукорах, Ружанах, Прылуках і Астрашыцкім Гарадку і іншых мясцінах, а таксама замалёўкі помнікаў культавага дойлідства — Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, Барыса-Глебскіх цэркваў у Гродне, Навагрудку, касцёлаў і кальвінскіх збораў у Ішкалдзі, Гнезне, Койданаве, Ружанах, Іванаве і інш. — маюць гістарычную каштоўнасць. Многія творы Орды носяць філасофска сімвалічны характар, дзе сімвалы часу — гэта руіны замкаў, а замкі — сімвалы слаўнага мінулага роднага краю. I крохкія людскія постаці на іх фоне толькі падкрэсліваюць вядомае біблейскае выказванне пра мітусню. На малюнках Орды прадстаўлены Стары і Новы замкі ў Гродне, рэзідэнцыя Ільінічаў у Міры, старажытныя замкі ў Лідзе, Навагрудку, Крэве і інш.

 

      Перадаючы дэталёва і скрупулёзна выгляды помнікаў дойлідства, палацаў, замкаў, пабудоў, Орда ўслаўляў стваральную працу чалавека, яго творчы геній. Сваімі малюнкамі ён не проста прызнаваўся ў любові да роднага краю, а ганарыўся яго багатай культурай і гісторыяй. Мы бачым на яго малюнках таксама народнае драўлянае дойлідства, паселішчы уздоўж рэк і азёр, калодэежы-жураўлі, ветракі, якія вельмі добра перадаюць нацыянальны каларыт.

 

     На многіх малюнках Орды прысутмічае сюжэт дарогі. Дарога вядзе да дома, да храма, а то і ў далечыню, у шырокі свет — яна набывае сімвалічны сэнс. Жыццё Напалеона Орды было звязана з дарогай, з падарожжамі: гэта і блуканне па пуцявінах чужых краёў, і вяртанне на Радзіму, і зноў падарожжа па шырокім свеце. Дарога — сімвал жыцця Орды, мастака, вандруючага паміж мінулым і сённяшнім.

 

     Многія малюнкі Напалеона Орды звязаны з імёнамі знакамітых людзей, сучаснікаў мастака і яго сяброў: А. Міцкевічам (сядзібы ў Завоссі, Тугановічах), С. Манюшкам (сядзіба ў вёсцы Убель), М.Агінскім (палац у Рэтавасе ў Літве), Т. Касцюшкам (сядзіба ў Косаве) і інш.

 

     Так бы і працягвалася жыццё Напалеона Орды, каб не паўстанне ў 1863 годзе, якое ўспыхнула ў Польшчы і ахапіла беларускія землі. Прамых сведчанняў яго удзелу ў паўстанні няма. Але царскія ўлады не без падстаў падазравалі і Орду: былы паўстанец не мог быць абыякавым да барацьбы за свабоду роднага краю. Высветлілася, што ён адаслаў сваіх дваровых людзей у паўстанцкі атрад. У доме Напалеона знайшлі таксама парахаўніцу з порахам і падазроныя паперы. Гэтага хапіла, каб яго арыштаваць і зняволіць у Кобрынскую турму. Год следчыя вялі справу. Па рашэнню ваенна-палявога суда Орду павінны былі выслаць у глыб Расіі. Але прысуд быў перагледжаны, і ў 1867 годзе яго выпусцілі з турмы. Напалеон жыве ў гэты час у маёнтку сваёй сястры Гартэнзіі. Ён шмат малюе. У мастацтве Орда знаходзіць суцяшэнне ад нярадасных думак пра будучыню.

 

     Нечакана ён атрымаў запрашэнне ад адстаўнога генерала Адама Ржавускага навучаць яго сына музыцы і маляванню. Орда пасяліўся ў Чуднове, маёнтку Ржавускіх, якія славіліся сваёй любоўю да літаратуры і мастацтва. У іх доме напрыканцы 1840-ых гадоў жыў Ян Баршчэўскі, аўтар славутага твора «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Дачка А. Ржавускага была жонкай Бальзака. Атмасфера пакланення музам, якая панавала ў доме Ржавускіх, спрыяла росквіту талентаў Напалеона Орды.

 

     Орда быў не толькі цудоўным мастаком, музыкантам, кампазітарам, але і педагогам. Ён — аўтар «Граматыкі польскай мовы» для французаў, якая выйшла ў 1856 годзе ў Парыжы, а потым — у 1858 і 1874 гадах — у Варшаве. Вынікам шматгадовай працы стала «Граматыка музыкі», якая ўбачыла свет у 1873 годзе ў Варшаве. Аб ёй з захапленнем адзываўся С. Манюшка.

 

     Магчыма, у Чуднове і нарадзілася ў яго ідэя стварыць мастацкую энцыклапедыю гістарычных мясцін, увекавечыць алоўкам «старыя руіны замкаў і выдатныя рэзідэнцыі, што сведчаць аб прыгажосці і цывілізацыі краю».

 

     З юнацкім запалам Орда прымаецца за ажыццяўленне сваей задумы. Духоўную падтрымку яму аказаў вядомы польскі пісьменнік і гісторык Ю. Крашэўскі.

 

     Больш як дзесяць гадоў, да самай смерці, Напалеон Орда прысвяціў ажыццяўленню сваёй задумы. Ён аб’ездзіў Гродзенскую, Мінскую, Віцебскую, Магілёўскую, Віленскую, Кіеўскую, Падольскую, Ковенскую, Ліфляндскую губерні, а таксама Пазнаншчыну, Мазовію, Прусію і іншыя мясціны.

 

     Мастак сістэматызаваў свае творы. Кожнай губерні прызначалася асобная папка. Лепшыя малюнкі Орды друкаваліся ў папулярных польскіх часопісах пад спецыяльнай рубрыкай «З папкі Напалеона Орды», што спрыяла шырокай вядомасці іх аўтара. Магчыма, апошняя акалічнасць падштурхнула яго да выпуску сваіх малюнкаў-літаграфій асобнымі серыямі. У 1873 годзе ў Варшаве выходзіць першая серыя — «Альбом гістарычных краявідаў Польшчы» («Album Widoków Historycznych Polski»). Літаграфіі з малюнкаў зрабіў Алаіз Місуровіч на Варшаўскім літаграфічным камбінаце Максіміляна Фаянса. Выданне Орда ажыццявіў за свой кошт.

 

     На вокладцы ён змясціў літаграфію з відарысам родных Варацэвічаў і зрабіў надпіс: «Уласнасць роду Ордаў на працягу 300 гадоў да 1831 года — незабыўная і дарагая для аўтара Радзіма». Вяртанне да малой радзімы стала для яго адкрыццём Айчыны, якую ён адкрываў для іншых.

 

     Альбом выйшаў значным накладам і карыстаўся добрым попытам. Юзаф Крашэўскі пісаў: «Гэтыя пейзажы — адзіны збор такога роду. Не ведаю чалавека, якому ўдалося зрабіць нешта падобнае. Мы атрымлівалі асалоду, разглядаючы іх і ўспамінаючы розныя мясціны. Дзякую Вам за гэтую выдатную працу. Калі альбом яшчэ папоўніцца, як Вы абяцаеце, то шчасліва завершыцца яшчэ адна велізарная праца, якая многіх спакушала, але якую ніхто не змог выканаць».

 

     На выручаныя грошы Напалеон Орда выдае наступны альбом. Усяго было надрукавана восем альбомаў, у якіх было змешчана 260 малюнкаў-літаграфій.

 

     У 1880 годзе Орду прымаюць у Варшаўскае таварыства заахвочвання прыгожага мастацтва. Ён становіцца адным з заснавальнікаў Мінскага музычнага таварыства, стварае стыпендыяльны фонд для падтрымкі здольных вучняў рэальнай школы ў Пінску. Вартая павагі яго шматгранная дзейнасць на ніве культуры. Усе зробленае Напалеонам Ордам стала набыткам еўрапейскай культурнай спадчыны.

 

     Даследчыкі лічаць, што мастацкая скарбніца Напалеона Орды налічвае больш за 2000 малюнкаў, да нашага часу дайшло больш за 1000. Арыгіналы іх захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве (большая частка), у Нацыянальным музеіў Варшаве, альбом акварэляў — у бібліятэцы імя В. Стафаніка ў Львове, адзін з альбомаў літаграфій з малюнкаў Напалеона Орды — у Валынскім краязнаўчым музеі. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі таксама ёсць вялікая калекцыя літаграфій з малюнкаў Орды.

 

     Апошнія гады жыцця Напалеон Орда падарожнічаў па Галіччыне, Келецкіх, Сувалкскіх і Варшаўскіх землях, працягваў шмат маляваць. У 1883 годзе раптам захварэў і памёр у адным са шпіталяў Варшавы. Пахаваны ў радавым склепе на радзіме ў Іванаве. Аб гэтым Напалеон Орда прасіў у сваім завяшчанні.

 

     У   1997   годзе   ў   Іванаве   яму ўсталяваны  помнік,  які  стварыў таленавіты   с кульптар   I. Голубеў. Але лепшым помнікам Напалеону Орду сталі яго творы, у якіх праслаўляецца   творчы   геній чалавека.